ПО́РАЗАЎСКАЯ КЕРА́МІКА,

бел. традыцыйныя ганчарныя вырабы з г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Поразаве працавала каля 200 майстроў. Выраблялі чорнаглянцаваны посуд гасп. прызначэння (гаршкі з накрыўкамі, збанкі, рынкі, гладышы, бабачнікі, міскі і інш.). У залежнасці ад аб’ёму вырабы мелі характэрныя мясц. назвы: міскі малыя (да 1 л), сярэднія (1,5 л), вялікія. (да 3 л), гаршкі падзяляліся на пітушкі (да 1 л), саганчыкі (да 2 л), скляпнікі (3 л), сярэднікі (да 10 л). Вырабы вызначаліся буйнымі, выразна прафіляванымі формамі, падкрэсленымі глянцаваным дэкорам у выглядзе вертыкальных і касых рысак, паяскамі ўзораў, выціснутых зубчастым колцам (карбоўкай), нярэдка аздабляліся суцэльным глянцаваннем. У сярэдзіне 1990-х г. промысел заняпаў.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Поразаўская кераміка. І.​Шопік. Ганчарны посуд. 1980.

т. 12, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)